Беларуская Служба

У Харкаўскай вобласці на мяжы з Расіяй працягваюцца баі

11.05.2024 07:22
Учора расійскае войска пачало там наступ. Украінскае камандаванне накіроўвае на гэты ўчастак дадатковую падтрымку.
Ілюстрацыйны здымакEPA/SERGEY KOZLOV Dostawca: PAP/EPA.

Расіяне атакуюць з тэрыторыі РФ у бок украінскага горада Ваўчанск. Як паведамляе Генштаб Узброеных сіл Украіны, у ваколіцах горада працягваюцца баі. Расіяне таксама занялі вёскі Пыльна, Стрылеча і Барысаўка на іншым участку мяжы, прыкладна ў 25 кіламетрах на поўнач ад Харкава. Агрэсары выкарыстоўвалі пяхоту пры падтрымцы артылерыі і авіяцыі.

Украінскія ўлады і эксперты ўжо некалькі тыдняў прагназуюць, што расійская атака на Харкаў можа адбыцца ў бліжэйшы час. У той жа час Расія інтэнсіўна атакуе другі па памерах горад Украіны і Харкаўскую вобласць з паветра, выкарыстоўваючы ракеты, беспілотнікі і кіраваныя авіябомбы.

Украінскія назіральнікі паведамляюць, што расіяне занялі некалькі вёсак, якія знаходзіліся амаль на самай мяжы і былі стратэгічна цяжкімі для ўтрымання. Украінская лінія абароны не была прарваная.

Цяпер баі значна менш актыўныя, чым былі ўчора, сітуацыя цалкам стабілізавалася.

ПР/юл